«ВОСЬ БЕРЛІ́Н—РЫМ»,
ваенна-палітычны саюз фашысцкіх Германіі і Італіі, які склаўся ў 1936. Аформлены 25.10.1936 падпісаным у Берліне італагерм. пратаколам аб супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся аб размежаванні сфер эканам. экспансіі на Балканах і ў Дунайскім басейне і скаардынавалі свае дзеянні ў вайне супраць Ісп. рэспублікі; Германія афіцыйна прызнала захоп Італіяй Эфіопіі. Збліжэнню абедзвюх фаш. дзяржаў папярэднічалі прыхільная пазіцыя Германіі ў час італьян. агрэсіі супраць Эфіопіі (гл. Італа-эфіопская вайна 1935—36) і сумесная германа-італьян. інтэрвенцыя ў Іспаніі (гл. ў арт. Іспанская рэвалюцыя 1931—39). У выніку пагадненняў «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт» напярэдадні 2-й сусв. вайны аформіўся блок агрэсіўных дзяржаў (гл. «Трохвугольнік Берлін—Рым—Токіо»).
т. 4, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)